ЭЛЕКТРАШЛА́КАВЫ ПЕРАПЛА́Ў,

паўторная плаўка металаў (сплаваў) пры дапамозе цеплавой энергіі, што вылучаецца пры праходжанні эл. току праз слой сінтэтычнага шлаку. Праводзіцца ў электрашлакавай печы, у якой злітак утвараецца з кропель металу, што крышталізуецца ў крышталізатары. Значна павышае чысціню і якасць металаў. Электрашлакавым спосабам атрымліваюць фасонныя адліўкі (напр., каленчатыя валы, штампы, зубчастыя колы), зліткі масай да 50 т для пракаткі лістоў, труб, кавальскія зліткі масай да 200 т. Распрацаваны ў пач. 1950-х г. у Ін-це электразваркі АН Украіны.

Схема электрашлакавага пераплаву а — з адным і б — з двума расходвальнымі электродамі (1 — электроды; 2 — шлакавыя ванны; 3 — металічныя ванны; 4 — злітак).

т. 18, кн. 1, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)